Правіць і рэдагаваць
Вітаю. У be:wiki ўжываецца варыянт "правіць", ад пачатку яе існавання. Калі ласка, патлумачце ў чым сэнс змены на "рэдагаваць" ў прыладзе да Андроіда для той жа мовы? Калі памылка або зусім абы як перакладзена, то я ўсё разумею, але тут жа ніякай памылкі ўжо 12 гадоў так. Дзякуй.
ТСБМ, для правіць бачу такія тлумачэнні: «5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль. 6. што. Выпраўляць памылкі ў чым-н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч. 7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.»
То бок гэта азначае, што правіць можна толькі памылкі і любое рэдагаванне — гэта выпраўленне памылак, што даволі суб’ектыўна і не заўсёды мае дачыненне да справы. Тое ж дапаўненне інфармацыяй не заўсёды можна назваць выпраўленнем памылкі а некаторыя рэдагаванні і ўвогуле шкодныя.
Агульна прынятая тэрміналогія ў іншых праектах — рэдагаваць для дзеяслова. Для назоўніка няма яўнага кансэнсусу і я пакуль пакідаю «праўка», хаця таксама лічу, што тэрмін — не ўдалы.
Усе тлумачальныя слоўнікі, якія мне даступныя, тлумачаць "рэдагаваць" праз "выпраўляць", то бок "рэдагаваць" гэта "рабіць праўкі". І як разумею, у "рэдагаваць" вузкі сэнс -- рабіць гэта менавіта ў рэдакцыі (нейкага выдання), то бок гэта назва прафесійнага занятку рэдактара, які заключаецца ў праўцы тэкстаў. А правіць -- рабіць, змяняць, рамантаваць, выпраўляць памылкі -- што заўгодна, дзе заўгодна і хто заўгодна. Іншыя праекты, то яны не па-беларуску і ці слушна так на іх мовах асобнае пытаннечка, якое не тычыцца беларускага праекту ніяк.
Пад іншымі праектамі маюцца на ўвазе пераклады на беларускую Google, Samsung, Telegram і інш. Гэта беларускія праекты, над якімі таксама працавалі беларусы.
Наконт сэнсу слова «рэдагаваць», для тэкстаў ён якраз па-мойму больш падыходзіць і пад сабой мае на ўвазе больш шырокі спектр дзеянняў:
У ТСБЛМ 2002 бачу, што там толькі пра выпраўленне тэксту напісана.
ТСБМ: «1. Чытаць, правяраць і выпраўляць які-н. тэкст, рукапіс, праводзіць літаратурную апрацоўку тэксту, рукапісу. Рэдагаваць артыкул. ▪ Матэрыялы ў насценную газету ўсё больш прыбывалі. А Сёмка Чыжык з запалам рэдагаваў яе. Каваль. 2. Кіраваць выданнем чаго-н., быць рэдактарам. Рэдагаваць падручнік.»
Англа-бел слоўнік Суша: «1. рэдагава́ць, рыхтава́ць да дру́ку 2. манці́раваць (фільм, тэле- або радыёперадачу) 3. быць рэда́ктарам (газеты, часопіса, кнігі і да т.п.) edit out [ˌedɪtˈaʊt] phr.v. выкрэ́сліваць, выкіда́ць (пры рэдагаванні)»
Рэдактарскі працэс не заўсёды пад сабой разумее выпраўленне чагосьці, ёсць як праўкі, так і дапаўненні і іншыя апрацоўкі, касметычныя ў тым ліку.
Правіць бліжэй да fix — выправіць.
Дыскусійным можа быць «рэдагаванне»/«праўка» чагосьці, акрамя тэксту. А так, мне здаецца, што для большасці выпадкаў менавіта ў Вікіпедыі тут лепей пасуе, ды й пераемнасць з іншымі праектамі захоўваецца тады.
У нас "правіць" актывуе ўсе дзеянні са старонкамі, апроч стварэння (там закладка і завецца "стварыць"), не толькі з артыкуламі, а і з шаблонамі, катэгорыямі, старонкамі правілаў, усё-ўсё-ўсё. Па-мойму, што Вы далі цытаты са слоўнікаў, пра якія і сам казаў вышэй, якраз сведчаць за вузкасць значэння "рэдагаваць" як пэўнай прафесійнай дзейнасці -- праца рэдактарам ці то тэкстаў, ці то іншых матэрыялаў (відэа-, аўдыё-, інш.). Не бачу прычыны звужаць сэнс таго, што робяць у Вікіпедыі праз гэтую закладку, толькі каб адпавядаць уяўленням кагосьці ў іншых праектах, пагатоў праектаў іншага плану і сутнасці.